НЯСВІ́ЖСКІ КАДЭ́ЦКІ КО́РПУС (школа, акадэмія),

ваенная навуч. ўстанова ў Нясвіжы ў 18 ст. для падрыхтоўкі кадраў войска Радзівілаў — міліцыі. Засн. 25.5.1747 вял. гетманам ВКЛ М.К.Радзівілам Рыбанькай. На навучанне прымаліся 14-гадовыя падлеткі са шляхты. Выкладаліся франц., ням., лац., рус. мовы, геаметрыя, матэматыка, цывільная і вайсковая архітэктура, маляванне, айч. права, айч. і агульная гісторыя. Кадэты вучыліся верхавой яздзе, фехтаванню, танцам, павінны былі размаўляць паміж сабой на замежных мовах. Яны неслі вартавую службу. У ліст. 1751 было 13 вучняў. Відаць, корпус заняпаў у 1750-я г. Адроджаны ў 1767 К.С.Радзівілам Пане Каханку. На вучобу прымалі ўжо адукаваных падлеткаў — дзяцей мяшчан з гарадоў князя і шляхецкую моладзь (у інш. кадэцкія карпусы прымалі толькі шляхту). Выкладчыкамі працавалі пераважна немцы, а таксама кадэты папярэдніх выпускаў. Корпус месціўся ў Нясвіжскім замку. Кадэты штомесяц атрымлівалі па 24 злотыя. У сярэдзіне 1770-х г. корпус перастаў існаваць.

В.С.Пазднякоў.

т. 11, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)